ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,
створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах. ч. Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс. км.2, нас. ў 1815 каля 776 тыс. чал., у 1871 — больш за 1,5 млн. чал. Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл. «Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)